Вершы па беларускі

Сустрэча восеньскіх братоў

Сустрэча восеньскіх братоў

Верасень кастрычнік сустракае:

-Прывітанне, брат.

-Здарова, брат.

-Як ты тут?

-Ды добра. Усё, як трэба.

Я сустрэчы нашай вельмі рад.

- Я чакаў цябе, кастрычнік-браце,

Працы многа, хутка Пакравы,

А ў нас яшчэ на дрэвах лісце,

І ў зелені яшчэ двары.

Ты вятры пакліч, няхай галосяць,

Дожджыку падкінь, няхай сіпіць.

З дрэваў паздымай хутчэй лістоту,

Накіруй у свет, няхай ляціць.

Бачыш: я пазалаціў бярозы,

Вунь яны кідаюць пятакі,

Запаліў ліхтарыкі рабіны,

Вунь яна пылае ля ракі.

Птушак я сабраў. Ты іх у вырай

Накіруй, няхай ляцяць хутчэй.

Поўні ты скажы: хай выплывае,

Ноччу свеціць, як мага, зырчэй.

І лістком апошнім-тэлеграмай

Лістападу перадай: няхай

Падрыхтуе халады, марозы,

Бо зіму ён прынясе ў край.

Верасень, кастрычнік з лістападам-

Восені цудоўная пара.

Гэту байку мне лісток навеяў,

Заляцеўшы ў фортку са двара.