Мяцёлкі ды зёлкі, трава-мурава,
Бы неба, сінеюць валошкі.
Праз жытняе поле да рэчкі малой
Пратупаны сцёжкі-дарожкі.
Па іх мы да рэчкі бяжым басанож
Праз луг, дзе гуляюць рамонкі.
На крылах птушыных пад небам ляціць
Наш смех бесклапотны і звонкі.
І зараз, калі прыязджаю дамоў,
Іду да рачнога я плёсу
Сустрэцца з дзяцінствам, каб скінуць з душы
Усе хібы дарослага лёсу.