У небе кружацца сняжынкі,
На сонцы ззяюць, зіхацяць,
Павольна падаюць пад ногі
І вось ужо сняжком рыпяць.
Зямля збялела каля хаты,
Ну як тут дома ўсядзець,
Калі на санках можна з горкі
Гарэзай-ветрыкам ляцець,
Крычаць, смяяцца ва ўсю глотку
І галавой у снег ныраць…
Гляджу і ціхенька сумую,
І пачынаю ўспамінаць
Такую ж горку ў дзяцінстве,
Халодны, мяккі першы снег,
Вось толькі смех ніяк не ўспомню,
Мой бестурботны, звонкі смех.