Гуляе ветрык у лугах мурожных,
І бусел пасяліўся ў гняздзе.
З вянком пралесак на зялёных косах
Вясна — красуня па зямлі ідзе.
Ёй сонца промні шчодра рассыпае,
І поўнай груддзю дыхае зямля.
І абдымае, песціць і цалуе
Зярняты маці — пышная ралля.
То тут, то там у лесе першацветы
Пашылі каляровы сарафан.
Бярозкі-ганарліўкі ў завушніцах
Стаяць, узяўшы ўбокі тонкі стан.
Снуюць ля вулляў пчолкі-працаўніцы,
А вечарам таўкуцца камары.
Пагрэць на сонцы костачкі старыя
Выходзяць з хатаў бабкі на двары.
Шпакі канцэрты ладзяць спазаранку,
Гайдае хвалі лебядзь на вадзе…
Усё наўкол па крыху ажывае,
Вясна-красуня па зямлі ідзе.