Ёсць толькі імгненне, і гэта-жыццё,
Ты быццам не жыў, праляцела,
Не ўсё я зрабіла, не ўсё я змагла
З таго, што калісьці хацела.
Вярнуся ў мінулае ў думках няхай,
Прайду па дзяцінства сцяжынках,
Пачую цягучую песню здаля,
Што мама вяла на дажынках.
Вось поле і лес, і ўскраек сяла,
Стаяла тут родная хата,
Тут мама калісьці аладкі пякла
І тын гэты ладзіў тут тата.
Юнацтва... Яно праляцела, бы сон.
У памяці — хвалямі рэчкі,
Ды толькі сплыло, адышло, адцвіло,
А ў сэрцы-старыя засечкі.
А сталасць?... Турботы і страт чарада.
І мёду было, і палыну.
Гады тут ляцелі, нібы зарапад,
Бы зерне ў чэрава млыну.
Ёсць толькі імгненне, і гэта-жыццё,
Бы дар мне пасланы з нябёсаў.
Сумую па кожнай хвілінцы яго,
Малюся за дар гэты лёсу.